Беларуская Служба

Удзельнікі восьмай арт-рэзідэнцыі, беларусы і ўкраінка, паказалі свае працы ў Варшаве

10.05.2024 18:05
Цяпер арганізатары хочуць паказаць працы ў іншых краінах. 
Аўдыё
  • Арт-рэзідэнцыя Дома творцаў.
  .
Праца "Вяртанне дадому".Фота: Наталля Грышкевіч / БСПР

У Польшчы ў чарговы раз адбылася мастацкая рэзідэнцыя Дома творцаў, у якой прынялі ўдзел беларускія мастакі і адна ўдзельніца з Украіны. У Варшаве была зладжаная выстава па выніках творчай працы артыстаў. Экспазіцыя прайшла ў Цэнтры культуры Ахоты (Ośrodek Kultury Ochoty OKO).

Арт-дырэктарка Дома творцаў Вольга Шніп: Гэта ўжо восьмая рэзідэнцыя. Ідэя куратаркі Насты Някрасавай была ў тым, каб нашы мастакі інтэграваліся ў польскае мастацкае асяроддзе. Гэта былі сустрэчы з прафесарам Гутам (Wiktor Gutt – выкладчык варшаўскай Акадэміі прыгожых мастацтваў – рэд.). Ён быў ініцыятарам прац, былі майстар-класы ад іншых знакамітых мастакоў, паездкі ў іншыя гарады Польшчы, наведванне музеяў, сустрэчы з актыўнымі мастакамі, скульптарамі. У рэзідэнцыі было 15 чалавек.

Мастачка Каця Лісіцына, удзельніца праекту і выставы: Вось партрэты нашых удзельнікаў. Некаторых твараў не бачна, паколькі гэтыя людзі вярнуліся на радзіму. На мяжы кожнага пытаюць пра ўсё. Калісьці будзе добра і мы зможам паказаць твары, але цяпер лепш, каб людзі былі ў такім стане.

Вольга Шніп: Было зроблена шмат карцін. Напрыклад, прафесар Гут даў заданне ўсім рэзідэнтам – паказаць свае погляды, адчуванні на тэму дабра і зла, чорнага і белага. У гэтай залі 15 прац – па адной ад кожнага ўдзельніка. Ёсць таксама іншыя, напрыклад, вялікая праца “Вяртанне да дому”.

Анастасія Яфрэмава на фоне карціны "Навальны". Анастасія Яфрэмава на фоне карціны "Навальны".

Анастасія Яфрэмава, удзельніца выставы, паходзіць з Украіны: Я ўдзельнічала ў праекце, каб падтрымаць беларускіх сяброў. Мая праца “Навальны” паказвае мой унутраны стан, калі я даведалася пра трагедыю, якая з ім здарылася. Праца прысвечана ўсім палітвязням. Я прадставіла галовы людзей, якія выглядаюць як мішэні. Акрамя таго, на фоне вельмі шмат рысак – як у турме, калі вязень выкрэслівае рыскамі дні, колькі яму засталося сядзець.

Вольга Шніп: Цяпер мы шукаем месцы, галерэі ў Еўропе, дзе мы маглі б паказаць працы. Паказаць таксама іншыя працы, якія мастакі прывезлі з сабою. Калі хтосьці са слухачоў хоча пабачыць цікавыя працы мастакоў – запрашайце нас, мы будзем вельмі радыя.

10 мая быў ужо апошнім днём працы выставы карцін у Варшаве, створаных падчас Восьмай арт-рэзідэнцыі “Дому творцаў”.

нг

Праца ўдзельніка арт-рэзідэнцыі Артура Вакарава. Праца ўдзельніка арт-рэзідэнцыі Артура Вакарава.

Праца ўдзельніка арт-рэзідэнцыі. Праца ўдзельніка арт-рэзідэнцыі.